Пра першыя крокі
ў прафесію расказвае фармацэўт-рэцэптар цэнтральнай аптэкі №21 Бешанковіцкага
раёна Карына Пушкарова.
Сваё першае
прафесійнае свята Карына Пушкарова сустракае ў коле бешанковіцкіх фармацэўтаў.
Цэнтральная аптэка № 21 г. п. Бешанковічы Віцебскага гандлёва-вытворчага
рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Фармацыя" стала для
маладога фармацэўта-рэцэптара першым месцам працы.
У наш райцэнтр
Карына прыехала зусім нядаўна, усяго пару месяцаў таму. На прафесійнай ніве
малады спецыяліст яшчэ толькі робіць свае першыя крокі, але менавіта яны самыя
важныя, самыя цяжкія, калі трэба навучыцца прымяняць на практыцы веды,
атрыманыя падчас вучобы ў Віцебскім медыцынскім каледжы. Працуе
ветлая дзяўчына на адным з самых складаных участкаў - за першым сталом, на
стойцы продажу, непасрэдна з наведвальнікамі, і ў яе, сцвярджаюць калегі, гэта
нядрэнна атрымліваецца. Самы першы досвед працы з людзьмі па водпуску лекаў, у
тым ліку па льготных рэцэптах, быў набыты яшчэ ў працэсе вучобы падчас
праходжання практыкі.
Прафесію
фармацэўта Карына, як расказвала пры сустрэчы, выбрала па парадзе мамы. Вольга
Віктараўна - медык, працуе памочнікам лекара ў амбулаторыі «Білева» Віцебскай
гарадской паліклінікі №3.
«Фармацэўт -
прафесія прэстыжная, высокааплатная, - кажа дзяўчына. - Таму я яшчэ ў школе
ўзважыла ўсе "за" і "супраць" і пагадзілася, аб сваім
рашэнні не шкадую. І хоць вучыцца было нялёгка, гэты этап пройдзены, дыплом аб
сярэдняй спецыяльнай адукацыі атрыманы, я радая, што магу быць па-сапраўднаму
карыснай людзям».
А для таго, каб
якасна абслужыць кліента, трэба не толькі ўважліва і цярпліва выслухоўваць
пакупнікоў, але і кансультаваць іх аб правілах прыёму лекаў, у выпадку
неабходнасці, дапамагчы кваліфікавана падабраць аналаг неабходнаму прэпарату.
Пастаянны кантакт з наведвальнікамі. Людзі прыходзяць розныя, у тым ліку
хворыя, кожны са сваім характарам, не заўсёды дакладна ведаюць, што менавіта ім
трэба. Таму важна бачыць кожнага чалавека, знайсці падыход да любога пакупніка
і паспрабаваць максімальна дапамагчы лекамі і добрым словам, якое, як вядома,
таксама лечыць.
«Наколькі вашыя
ўяўленні аб прафесіі супалі са штодзённай працай у аптэцы?» - пытаю ў Карыны.
«Мне пашанцавала з калектывам - выдатныя, добразычлівыя калегі, якія заўсёды
гатовыя дапамагчы і падтрымаць, ніякага расчаравання няма. Уяўленне аб рабоце
супала з чаканнямі. Бешанковічы - адзін з самых блізкіх да Віцебска, дзе жывуць
мае родныя, райцэнтраў. Прыгожы, утульны пасёлак. Кожныя выходныя
я бываю дома. У буднія дні жыву ў кватэры, здым якой аплачвае прадпрыемства. Я
прыходжу ў аптэку і разумею, што знаходжуся на сваім месцы. І хоць у нас тут
зараз ідзе рамонт, цяжкасці не палохаюць. У іншай прафесіі сябе ўжо не ўяўляю…»
Аўтар артыкула:
Ларыса Паўлоўская