Шрыфт
Колер
Графiка
Кернiнг

А ВЫ ВЕДАЛІ, ШТО Ў ФАРМАЦЫІ БЫЎ ФІТАБАР?..

Канавалава Раіса Рыгораўна - ветэран прадпрыемства, выдатны спецыяліст і добры кіраўнік. Заруба Дзіна, правізар-рэцэптар аптэкі №31, задала ёй пару пытанняў.

- Раскажыце, як Вы прыйшлі да атрымання фармацэўтычнай адукацыі? Можа, гэта было настаўленне бацькоў, дзіцячая мара ці працяг дынастыі?

- У маёй сям'і нікога з фармацэўтычнай адукацыяй не было. Мама хацела яго атрымаць, але магчымасці, на жаль, не прадставілася.

Я сама вельмі хацела. Без праблем паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі тады яшчэ інстытут. У гэтым годзе роўна 50 гадоў з моманту заканчэння. Плануем сустрэчу выпускнікоў

- Раскажыце пра ваш шлях у Фармацыі.

- Размеркавалі мяне ў Аптэчнае ўпраўленне Віцебскага аблвыканкама. У 1974 годзе "Фармацыі" яшчэ не было.

Я, як належыць, прыйшла 1 жніўня. Прадставілася, кажу: "Размеркавалася да вас, як прайсці да дырэктара?" А мне адказваюць: "Вы сёння ідзіце дадому, у нас нарада па выніках працы за год, усе занятыя". Пачатак быў цікавы.

Я хацела працаваць рэцэптарам. Мяне вабіла праца з людзьмі ў аптэцы. А генеральны дырэктар Шкопец Казімір Іосіфавіч прапанаваў пасаду правізара-інспектара. Я аднеквалася, але ён мяне пераканаў.

На гэтай пасадзе я працавала 4 гады. Ездзілі з бухгалтарамі на комплексныя праверкі, сачылі за выкананнем санітарнага рэжыму, фармацэўтычнага парадку. Цікава было.

У гэты час я выйшла замуж. Пасля дэкрэтнага водпуску пайшла працаваць у аптэку №58 рэцэптарам. Праз 2 гады прапанавалі пасаду намесніка загадчыка. Я пагадзілася.

Праз некалькі год у горадзе адбылася рэарганізацыя. У кожным раёне - Чыгуначным, Першамайскім і Кастрычніцкім - вызначылі цэнтральную раённую аптэку. Мяне перавялі ў ЦРА Чыгуначнага раёна (аптэку №79) на пасаду намесніка загадчыка.

Але працавала я тамака не доўга. Загадчык аптэкі №58 з'ехаў у Афганістан, і мне прапанавалі яго месца. Аптэку і калектыў я ведала, таму адразу пагадзілася. Гады 2-3 адпрацавала.

Затым адчынялася аптэка №49, мне прапанавалі яе прыняць. Само сабой, было страшна: вялізная двухпавярховая вытворчая аптэка. Але я цяжкасцяў не баюся. Роўна 20 гадоў адпрацавала загадчыцай і пайшла на пенсію. Вось такі шлях атрымаўся. Лічу, выдатны.

- Вы сутыкнуліся з якімі-небудзь складанасцямі пры адкрыцці аптэкі?

- Я ведала, што буду загадчыцай яшчэ на этапе будаўніцтва. Прыйшлося шмат працаваць. Асептычны блок не адпавядаў патрабаванням НПА - рабілі перапланіроўку. Але яшчэ больш цяжкасцей было з памяшканнем для захоўвання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і ядаў.

Калі я спытала, дзе яно будзе, мяне прывялі ў ліфтавую 2-га паверха (у той час у аптэцы быў грузавы ліфт). З яе адчыняліся дзверы ў зусім маленькае памяшканне, дзе я адна з цяжкасцю змяшчалася. Я была ў шоку. Пачалі шукаць новы пакой. Потым клікалі працоўных, бо ў ёй трэба было перарабіць падлогу, сцены, памяняць дзверы…

- Чым Вам запомнілася праца ў аптэцы №49?

- Нашай фішкай быў фітабар. Асобны кабінет мы аформілі як кафэ: павесілі прыгожую люстру, паставілі столікі. Адну супрацоўніцу адправілі ў Ленінград на вучобу. Мы добра падрыхтаваліся: ведалі, якія чаі трэба заварваць пры пэўных захворваннях, якія лекавыя травы можна заварваць у адным зборы, а якія сумяшчаць ні ў якім разе нельга. У нас была вялікая рэцэптура.

Фітабар карыстаўся папулярнасцю. Заўсёды было шмат людзей. Да таго ж, мы абслугоўвалі дзіцячыя сады. Нажаль, яго прыйшлося зачыніць. Было б выдатна, калі і зараз на базе якой-небудзь аптэкі адкрылі нешта падобнае. Як паказала практыка, людзі любяць карыстацца травой. Думаю, попыт быў бы не меншы.

Тое памяшканне, дзе зараз знаходзіцца актавая зала, мы выкарыстоўвалі для сушкі траў. Вельмі любілі збіраць ЛРС, заўжды вялікай кампаніяй ездзілі на нарыхтоўку. І прымалі ад насельніцтва вядома.

- Які перыяд у працы аптэкі быў няпростым?

- 90-ыя: перабоі ў забеспячэнні, высокія кошты, велізарныя выдаткі ... Галоўным чынам складанасці ўзнікалі ў сувязі з вытворчай функцыяй. Менавіта тым часам многія аптэкі адмовіліся ад вырабу лекавых прэпаратаў. Калектыў у нас быў згуртаваны і надзейны, імкнуліся трымацца на плаву. І паспяхова.

- У снежні аптэка адсвяткавала 35-годдзе. Падзяліцеся Вашымі ўражаннямі.

- Вельмі прыемна, што мяне запрасілі. Правялі па ўсіх кабінетах, паказалі новаўвядзенні. Мне спадабаўся знешні выгляд, зрабілі цудоўны рамонт. Тое, як выглядае аптэка, вельмі важна і для наведвальніка, і для супрацоўніка. Відаць, што кіраўніцтва клапоціцца аб гэтым.

Калектыў, канечне, ужо новы. З маіх калегаў толькі 2 чалавекі засталіся. Відаць, што дружныя. Разумеюць, падтрымліваюць адно аднаго. Было прыемна чуць, што аптэка як была на добрым узроўні, так і засталася. Пагутарылі, панастальгіравалі.

- Ці маглі Вы 35 гадоў таму ўявіць, што сёння аптэка будзе выглядаць менавіта так?

- Само сабой, складана было ўявіць такі тэхнічны прагрэс: усё аўтаматызавана, на кожным працоўным месцы кампутар, электронная чарга.

Лёгка прасачыць прагрэс па тым, як у нас адбывалася інвентарызацыя. Калі я толькі прыйшла на працу, былі лічыльнікі. Мне яны не вельмі падабаліся, але потым налаўчылася. Далей дашлі лічыльныя машынкі: асвоілі іх таксама. Пасля з'явіўся кампутар! Гэта было цікава. Памятаю, наша першая нарада з гэтай нагоды. Прыйшоў праграміст і пачаў расказваць, як уключаць, якія праграмы адкрываць, што націскаць. Сяджу і думаю: "Я зусім нічога не разумею…" Былі думкі, што гэта ўсё больш для моладзі, не для мяне. Але калі пасля збору маладая рэцэптар сказала, што таксама не шмат зразумела, я супакоілася. Канешне, былі памылкі, шмат памылак. Але ўсё атрымалася.

Памятаю, была вечная праблема са тэрмінамі. І часопісы заводзілі, і паперкі пісалі. А цяпер пару разоў пстрыкнуў мышкай - усё зразумела. Вельмі зручна і хутка.

– Дайце параду, як падтрымліваць добрыя адносіны ў калектыве?

- Трэба добра ставіцца да людзей. Разумець, што ў кожнага могуць быць непрыемнасці і ўлічваць гэта ў зносінах. Трэба навучыцца адчуваць людзей, распазнаваць іх эмоцыі.

У той час, калі я вучылася, упор быў на фармацэўтычны і санітарны парадак, тэхналогію вырабу лекаў. Цяпер студэнты шмат увагі надаюць вывучэнню фармакалогіі. Гэта правільна. Нам, правізарам і фармацэўтам, трэба шмат ведаць пра захворванні і іх лячэнне, каб мы самі змаглі нешта парэкамендаваць.

- У Вас ёсць якое-небудзь пажаданне для чытачоў?

- Так. Моцнага здароўя. Калі яно ёсць, жадаецца жыць, марыць, падарожнічаць, кахаць.

Гутарыла правізар-рэцэптар аптэкі №31 Заруба Дзіна Андрэеўна